28.07.2023 - 17:28 / 34travel.me
Візуальная метафара Беларусі. Новы сэт паштовак ад palasatka
|Культурная программа
| |15928
Арт-дырэктарка 34travel Кася Сырамалот aka palasatka нядаўна зрабіла серыю паштовак пра Мінск, якая мела вялiзны поспех у гараджан (i не толькi). Цяпер фатографка прэзентуе новы сэт паштовак – на гэты раз з краявiдамi Беларусi. Пра любыя сэрцу мясцiны i натхненне родным краем – даём слова Касi.
Набыць сэт можна ў «Акадэмкнізе» (Пр-т Незалежнасці, 72)
Кася palasatka, арт-дырэктарка 34:
Калі я выпускала першы сэт пра Менск, на вуліцы быў люты ва ўсіх самых горшых яго праявах. На жаль, амаль кожны з беларусаў адчуваў сябе проста жахліва, і я была не выключэннем. Ад навін хацелася схавацца, і, відавочна, мы перажывём усе несправядлівасці, якія нас чакаюць, але хацелася нейкай падтрымкі. Падтрымку ў гэтыя часы мы можам атрымаць толькі ад сябе саміх, таму я проста вырашыла заняцца справай, якая адарве думкі ад навін. Я не чакала, што паштоўкі будуць мець такі поспех, але разумею, чаму так адбылося.
На чарзе была Беларусь. Стаяў складаны выбар: што змясціць на ўсяго 8 паштовак? Калі б я працавала ў міністэрстве турызму, рашэнне было б такім, каб фота пароўну падзяліць па абласцях, – але мне не падабаецца такая ўраўнілаўка. Я вырашыла, што выбар буду рабіць сэрцам і адштурхоўвацца не ад месцаў, а хутчэй ад гісторый і сімвалізму. Таму сэт складаецца з вельмі дарагіх для мяне сюжэтаў, якія распавядаюць агульную гісторыю.
1.
Полацкая Сафія і задуменны хлопчык. Калі б можна было ўключыць трэк пад гэты фотаздымак – я б адразу ўключыла песню Вайцюшкевіча «Дзе мой край» на верш Караткевіча.
Я пабачыла гэты сюжэт і зразумела, што так і трэба было, бо перад гэтым за два дні праехала амаль усю паўночную Беларусь – ад Відзаў і Браслава праз Друю і Сар’ю да Полацка. I таймінг у падарожжы – гэта заўсёды самая містычная частка. Ён прыводзіць цябе ў патрэбны час у патрэбныя мясціны.
2.
Сабачы трыкутнік падчас адбудовы Косаўскага палаца. Само месца для мне нясе шмат асабістых успамінаў. Упершыню я пабачыла палац яшчэ ў стане да рэканструкцыі, пасярод лесу. Ад сядзібы Касцюшкі не было бачна нават вежаў праз лес. Але гісторыі з рыбкамі пад падлогай ніякую дзяўчыну не пакінуць у спакоі.
Меншы сабачка – «дзяўчынка», і белы вялікі сабака – мясцовы кабель, які не хоча падпускаць да «кабеты» новага жаніха, што прыбіўся за некалькі дзён да мясцовых ахоўнікаў. Так і хадзілі паўсюль утрох, моцна нервуючыся.
3.
Пінск. Горад, які мне падаўся вельмі шляхетным. Людзі, якія выраслі ў Пінску, – вельмі прыемныя і таленавітыя. Калі ў тваім горадзе так шмат гісторыі, ёсць моцная рака, заўсёды віравала прыгожае жыццё – ты не можаш быць іншым. Мне вельмі складана прыязджаць у малыя гарады, дзе людзі сябе не паважаюць, але ў Пінску абсалютна адваротная